#TraveltoDobrush
Харошаўка - вёска ў Добрушскім раёне, размешчаная ў 27 км ад Добруша і ў 45 км ад Гомеля.
Па пісьмовых крыніцах, вядомая з XVIII стагоддзя як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага ва ўладанні Чартарыйскіх. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) - у складзе Расійскай імперыі. У 1775 годзе ў Харошаўцы працавала карчма.
Пасля далучэння да Расійскай імперыі вёска спачатку належала фельдмаршалу графу П. А.Румянцаву-Задунайскаму, пасля – фельдмаршалу князю І. Ф. Паскевічу.
У 1832 годзе ў вёсцы пабудавана царква. У 1865 годзе яна была перабудавана.
У 1886 годзе дзейнічалі 4 вятракі, заезны двор, царкоўна-прыходская школа, 6 вятракоў, крупадрабілка, гамарня, цагельня, крама.
У гады грамадзянскай вайны ў Харошаўцы быў створаны сельсавет і камітэт сельскай беднаты. У 1921 г. у вёсцы пачалася дзейнасць спажывецкай кааперацыі.
У 1926 годзе тут працавалі паштовае аддзяленне, пачатковая школа, крама, меліярацыйнае таварыства. У 1930 годзе арганізаваны калгас імя У. М. Молатава, працавалі 3 вятракі, конная крупадрабілка, гамарня. У 1935 годзе Харошаўка ўвайшла ў склад Добрушскага раёна.
У час Вялікай Айчыннай вайны фашысты спалілі вёску. У баях каля вёскі і пасёлка Уборак у верасні 1943 года загінулі 7 савецкіх салдат. Яны пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі.
У пасляваенныя гады тут размяшчаліся млын, лесапільня, механічная майстэрня, 9-гадовая школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, 2 магазіны.
У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе Харошаўка апынулася ў зоне высокага радыяцыйнага заражэння. Пачалося адсяленне. Многія жыхары Харашаўкі пераехалі ў вёску Лагуны.
З 2009 года па 2015 год знаходзілася ў складзе Кузьмініцкага сельсавета. З 2015 года знаходзіцца ў складзе Кармянскага сельсавета.
Транспартныя зносіны вёскі з раённым цэнтрам і Гомелем ажыццяўляецца кожны дзень (маршрутка Гомель - Харашоўка).