Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «„Вайна і мір“ Л. М. Талстога: месца дзеяння Беларусь»


18 красавіка 2024 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрываецца часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя «“Вайна і мір” Л.М. Талстога: месца дзеяння Беларусь». Выстава створана ў межах міжнароднага супрацоўніцтва, якое рэалізуецца паміж Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установай культуры “Дзяржаўны музей Л.М. Талстога” (г. Масква).

Час адкрыцця – 16:30.

Творчымі і навуковымі намаганнямі двух музеяў-партнёраў, праз рэальныя гістарычныя падзеі, адлюстраваныя на старонках сусветна вядомага рамана “Вайна і мір”, выстава знаёміць з літаратурнай спадчынай Льва Мікалаевіча Талстога. Зацікаўлены наведвальнік зможа не толькі паглыбіцца ў час далёкай эпохі, але і знайсці ўласны шлях да адказаў на пытанні, якія так хвалявалі і мучылі пісьменніка-філосафа.

Экспазіцыйныя матэрыялы дазваляюць прасачыць, як змяняўся погляд Талстога “на жыццё, на народ і на грамадства” ў працэсе фарміравання задумы твора “Вайна і мір”. Праз прафесійныя і аматарскія фотаздымкі выдатна перададзена атмасфера сямейнага жыцця творцы таго часу, праз лісты і чарнавыя рукапісы паўстае мноства цікавых фактаў пра напісанне рамана.

У рамане “Вайна і мір” шмат распавядаецца пра беларускія гарады і вёскі, дзе змагаліся героі Талстога. Менавіта на гэтых эпізодах перадусім факусуецца ўвага наведвальніка. На выставе прадстаўлены ілюстрацыі да славутага твора, гістарычныя гравюры і рэпрадукцыі, на якіх адлюстраваны апісаныя ў рамане баі, што адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі (пераход праз Неман, бой пад Салтанаўкай, бітва на Беразіне і інш.).

У мастацкім афармленні экспазіцыі шырока выкарыстоўваюцца выявы карцін мінулага з фрагментамі падзей 1812 года ў Беларусі і сучасныя фотаздымкі месцаў бітваў, памятных мясцін і помнікаў героям вайны.

Выстава працуе па 30 чэрвеня 2024 года. Будзе цікавая навукоўцам, даследчыкам, музейным супрацоўнікам, выкладчыкам і студэнтам філалагічных факультэтаў, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй літаратуры.

Куратар – старшы навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Ірына Расціславаўна Князева.

Тэлефон для даведак і запісу на экскурсіі: +375 17 395 44 47.

196