Музейны прадмет. Крэсіва

У гэтыя непагодныя вераснёўскія дні хтосьці сядзіць у хаце, хтосьці грэецца з дапамогай Міцкевічаўскай кавы і чамброўскага макавага пірага з пылу, з жару. Таму і мы вырашылі распавесці пра нешта такое цёплае і ўтульнае, што падыме тэмпературу ў Вашай хаце.

Пагаворым пра КРЭСІВА і ЖЫВЫ АГОНЬ.

КРЭСІВА – гэта тое, без чаго цяжка ўявіць традыцыйную вёску, ейны ўклад і жыццё. Гэты прадмет быў вядомы яшчэ з жалезнага веку, але крэсіва так моцна прыжылося ў сялянскім побыце, што яго працягвалі выкарыстоўваць яшчэ і ў 20 стагоддзі.

КРЭСІВА выкарыстоўвалі для здабычы агню. Яно ўяўляе сабой пласціну са сталёвай бакавой працоўнай гранню, якой з крэменю высякалі іскру. КРЭСІВА было ў кожнага чалавека незалежна ад ягонага стану: і сяляне, і гараджане, і князі мелі заўсёды на поясе гэты прадмет. Яго звычайна насілі ў скураных мяшочках.

Таксама трэба зазначыць, што КРЭСІВА было важным не толькі ў паўсядзённым жыцці, але і ў свеце памерлых. Сярод пахавальнага інвентару позніх мужчынскіх пахаванняў побач са зброяй і іншымі прыладамі знаходзяць і крэсівы.

Для таго, каб паказаць важнасць КРЭСІВА ў жыцці беларуса, дастаткова ўспомніць усім вядомае свята Купалле. Важным у гэтым свяце было вогнішча. Агонь, які здабывалі, павінен быць «жывым». Гэта значыць яго неабходна было здабываць шляхам высякання крэсівам альбо доўгага трэння сухіх асінавых або дубовых брускоў. Тое, чым здабывалі «жывы» агонь, было вельмі важна, таму што полымя купальскага агню надзялялася ачышчальнай сілай ад злых духаў, яно праганяла смерць, да яго падносілі дзяцей, якія занядужалі.

Акрамя Купалля «жывы» агонь быў важны і падчас святкавання Масленіцы. Таксама «жывым» агнём распальвалі вогнішчы з двух бакоў вёскі, каб засцерагчы жывёлу ад эпідэміі.

І ўвогуле не адзін славянскі абрад ці свята не абыходзяцца без агню, а дакладней без запальвання святых вогнішчаў.

739