Аповед пра прыжыццёвыя выданні твораў А.Міцкевіча яшчэ не завершаны. Сёння мы прадставім вашай увазе адзін з чарговых каштоўных экзэмпляраў, які знаходзіцца ў фондах музея.
У 1832 годзе ў Парыжы ў друкарні А. Пінарда выйшаў з друку зборнік паэзіі Міцкевіча пад назвай “Poezye Adama Mickiewicza. Tom czwarty” (паводле выданняў 1828 1829 гг.). Кніга выдадзена на ўласныя сродкі паэта, аб чым гаворыць надпіс на тытульным лісце: “Nakładem autora, dostanie przy ulicy des Beaux –Arts, N 6”. (Выданне аўтара, набываць на вуліцы Выяўленчага мастацтва, 6)
Дадзены зборнік змяшчае III частку паэмы "Дзяды" (“Dziady”), якую паэт стварыў у Дрэздэне пад уплывам ад паражэння лістападаўскага паўстання 1830-1831 гг. У гэтым творы А.Міцкевіч звярнуўся да падзей свайго жыцця перыяду маладосці - да арышту і турэмнага зняволення па справе філаматаў і філарэтаў, выкарыстаў рэальныя факты пры апісанні нязломных духам былых сяброў-паплечнікаў, апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, які паўстаў на змаганне за свабоду.
Таксама да III часткі паэмы “Дзяды” дададзены “Ustęp” (“Урывак”) - гэта цыкл з сямі вершаў: “Droga do Rossyi”, “Przedmescia stolicy”, “Petersburg”, “Pomnik Piotra Wielkiego”, “Przegląd wojska”, “Oleszkiewicz” і заключнае прысвячэнне “Do Przyjaciol Moskali”.
Дадзены экзэмпляр прыжыццёвага выдання быў перададзены ў дар музею ў красавіку 1975 года ад настаўніцы з г.Мінск Петраковай Л.Н.